Actions

Work Header

Прадказанні

Summary:

Нават калі ўсё прадказвае правал, магчыма, варта паспрабаваць?

Notes:

(See the end of the work for notes.)

Work Text:

Гэтыя стасункі былі асуджаныя на правал з самага пачатку. Пра гэта казалі зоркі, трушчына кавы, і нават сны. Саперніца. У яе была магутная саперніца, і амаль ніякіх шанцаў перамагчы.

Лаванда ведала, хто яна. Канешне, Герміёна Грэйнджар, сяброўка Рона. Ці, дакладней, былая сяброўка: пасля таго матча яны не размаўлялі, і Грэйнджар старанная ігнаравала іх абаіх. А Рон глядзеў толькі на яе, на Лаванду. Цалаваў яе, гуляў з ёю пасля заняткаў, сядаў побач у Вялікай залі і ў гасцёўні Грыфіндора. Ён належаў ёй – але ўсе сродкі прадказанняў аднагалосна казалі, што гэта ненадоўга.

Ці не штотыдзень у дзявочай спальні Парваці суцяшала яе ля попелу чарговай мапы зорнага неба, якая прадказвала паразу.

— Што са мной не так? Чаму мне нельга проста быць шчаслівай з кімсьці? Што мне трэба зрабіць, Парваці?

Парваці не адказвала, адное гладзіла Лаванду па галаве і спіне і прыцягвала заклёнам насоўку. Парваці таксама была дасведчанай у прадказаннях, таму не вярзла лухты, тыпу “верыць зоркам – глупства” ці “сны – гэта проста апрацоўка мозгам інфармацыі”. Гэта Грэйнджар магла б такое сказаць – казала, колькі гадоў таму, пакуль не кінула хадзіць на Прадказанні. Што яна разумела, тая Грэйнджар.

Калі аднойчы чаінкі склаліся ў пагрозлівы знак, Лаванда напружылася. Ці гэта той самы дзень? Штосьці адбудзецца і паставіць крыж на яе стасунках? Увесь дзень яна ўважліва сачыла за іх – сваім і Рона – асяроддзем, асабліва за Ронавым. А ўвечары ён апынуўся ў Бальнічным крыле.

Лаванда не была дурніцай, яна адчула, што нешта змянілася з таго вечара. Грэйнджар перастала ігнараваць іх з Ронам. Рон пачаў пазбягаць яе. Лаванда не была дурніцай, але па-дурному чаплялася за яго, скандаліла, нібыта прымусам можна было вярнуць іхнія бесклапотныя месяцы шчасця. Аднак Рон, яе мілы мяккі Рон сам не спяшаўся ставіць кропкі над “і”, і Лаванда не спяшалася таксама. Хоць яшчэ дзень, яшчэ гадзіна, калі яна не самотная, калі ў яе ёсць хлопец.

Магчыма, калі б яна ведала, якім чынам усё скончыцца, то сама парвала б з ім раней. Бо калі Лаванда ўбачыла, як Рон і Грэйнджар выходзяць разам з хлапечай спальні... Цягам аднаго доўгага імгнення яна думала, што зараз ўпадзе на месцы як мёртвая.

Зоркі не манілі, усе прадказанні былі праўдзівыя. Аднак хаця ад самага пачатку Лаванда ведала, чым усё скончыцца, зараз ад гэтага ні на цалю не было лягчэй.

16.09.2025

Notes:

Аўтар раптам задумаўся, чаму самая прыгожая дзяўчынка курса (як казалі ў чацвёртай кнізе) на шостым курсе без хлопца і чаму яна так чаплялася за Рона (у мяне ёсць версія, што ніхто не рашаўся да яе падысці), а таксама ці гадала яна сабе падчас стасункаў з Ронам. Бо калі гадала, то мусіла бачыць, куды ўсё прыйдзе, так?